Канстытуцыйны закон Рэспублікі Беларусь “Аб праве грамадзян на абскарджванне ў судзе дзеянняў і рашэнняў дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, службовых і іншых асоб, якім даверана выкананне дзяржаўных функцый”

Праблемы, на вырашэнне якіх накіравана рэформа
У цяперашняй Беларусі грамадзяне, па сутнасці, пазбаўлены магчымасці абскарджваць незаконныя дзеянні і рашэнні органаў улады і іх прадстаўнікоў. У прынцыпе, скаргі можна падаваць па месцы працы «парушальнікаў» або ў вышэйшыя інстанцыі, але няма падстаў спадзявацца на станоўчы вынік.
Між тым, у Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь ёсць шмат норм пра забеспячэнне і абарону правоў грамадзян. Так, у частцы першай артыкула 21 Канстытуцыі запісана: «Дзяржава гарантуе правы і свабоды грамадзян Беларусі, замацаваныя ў Канстытуцыі, законах і прадугледжаныя міжнароднымі абавязацельствамі дзяржавы». Паводле агульнага правіла, не дапускаецца неабгрунтаванае абмежаванне правоў і свабод грамадзян, акрамя дакладна вызначаных выпадкаў (арт. 23 Канстытуцыі).
Фармальныя гарантыі абароны правоў чалавека прапісаны ў артыкуле 59 Канстытуцыі, а менавіта: «Дзяржава абавязана прымаць усе даступныя ёй меры для стварэння ўнутранага і міжнароднага парадку, неабходнага для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, прадугледжаных Канстытуцыяй».
Тым самым, дзяржава ў асобе яе органаў і службовых асоб абавязана прымаць меры для поўнага ажыццяўлення правоў і свабод грамадзян, а таксама для іх належнай абароны ў выпадку парушэнняў.
Адваротна, паводле дзейнага заканадаўства адміністрацыйныя спрэчкі (гэта значыць, разгляд скаргаў грамадзян на парушэнне іх правоў з боку органаў улады) рэгулююцца ў межах Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса (кіраўнік 29 «Вядзенне па справах, якія ўзнікаюць з адміністрацыйна-прававых адносін»), а адміністрацыйныя спрэчкі, што ўзнікаюць паміж юрыдычнымі асобамі (індывідуальнымі прадпрымальнікамі) і органамі кіравання – у межах Гаспадарчага працэсуальнага кодэкса (кіраўнік 25 «Вядзенне по справах аб праверцы законнасці ненарматыўных прававых актаў, дзеянняў, бяздзейнасці дзяржаўных органаў, органаў мясцовага кіравання і самакіравання, службовых асоб»).
Гэта азначае, што скаргі грамадзян (прадпрымальнікаў, юрыдычных асоб) на дзеянні (рашэнні) органаў кіравання і службовых асоб разглядаюцца па правілах грамадзянскага (гаспадарчага) судаводства.
Зразумелая справа, што грамадзяніну (прадпрымальніку) выйграць спрэчку ў дзяржаўнага органа альбо яго службовай асобы праблематычна, асабліва з улікам таго, што суды знаходзяцца ў пэўнай залежнасці ад іншых органаў улады.
Варта адзначыць, што скаргі грамадзян (прадпрымальнікаў) рэдка даходзяць да суда, паколькі гэтаму этапу папярэднічае папярэдні разгляд скаргі ў парадку падпарадкаванасці (гэта значыць, у вышэйшым органе). Там скаргі «завісаюць» або разглядаюцца аднабока. Калі грамадзянін праз некаторы час усё ж дабіваецца судовага разгляду скаргі, то рашэнне па ёй прымаецца звычайна стандартнае – «у задавальненні скаргі адмовіць».
Такім чынам, у нашай краіне «не працуе» механізм абароны правоў і свабод грамадзян. У выніку грамадзяне застаюцца бяспраўнымі перад тварам улады і яе прадстаўнікоў. Значыць, сітуацыю трэба змяніць да лепшага. Адным з простых і легальных спосабаў можа стаць прыняцце закона, які прадаставіць грамадзянам больш надзейныя гарантыі абароны парушаных правоў і іх аднаўлення.
Асноўныя мэты і задачы рэформы
Сварэнне ў Беларусі адміністрацыйнай юстыцыі, рэалізацыя права грамадзян на судовае абскарджанне дзеянняў і рашэнняў дзяржаўных органаў, органаў мясцовага самакіравання, службовых і іншых асоб, якім даведана функцыя ажыццяўлення дзяржаўнай улады.
