Хто мы?

Агульная інфармацыя 

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) з’яўляецца пераемніцай каштоўнасцяў Беларускай Сацыялістычнай Грамады (1903–1918 гг.), а таксама Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (1918–1924 гг.). Гісторыю сучаснай беларускай сацыял-дэмакратыі неразрыўна аб’ядноўвае правапераемнасць Беларускай сацыял-дэмакратычнай Грамады (1991-1996 гг.), Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Народная Грамада) (1996-2005 гг.) і Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) (да гэтага часу).

БСДП з’яўляецца партыяй парламенцкага тыпу і аб’ядноўвае людзей розных светапоглядаў, веравызнанняў, гендэрнай ідэнтычнасці, нацыянальнасцяў, грамадзян Беларусі, якія прызнаюць сябе абаронцамі прынцыпаў свабоды, справядлівасці і салідарнасці, грамадзянскай і сацыяльнай роўнасці, натуральнага прыроднага асяроддзя і лічаць прыярытэтным накірункам сваёй дзейнасці сацыяльную абарону людзей наёмнай працы, моладзі, пенсіянераў, людзей з абмежаванымі магчымасцямі.

Вяршэнства права, дэмакратыя і правы чалавека з’яўляюцца аднымі з найважнейшых прынцыпаў дзяржаўнага будаўніцтва.

БСДП упэўнена, што пералічаныя каштоўнасці і прынцыпы з’яўляюцца найбольш актуальнымі для большасці грамадзян Беларусі. БСДП з’яўляецца партыяй масавага тыпу. Здзяйсненне ідэалаў сацыял-дэмакратыі немагчыма без правядзення празрыстых, свабодных і справядлівых выбараў.

Наша пазіцыяванне

Мы, Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада), партыя роўнасці і сацыяльнай справядлівасці, партыя будучыні, партыя пераменаў.

Мы перакананыя, што кожны жыхар Беларусі мае права на бяспеку, свабоду і годны ўзровень жыцця.

Сёння краіна мае нявызначаную будучыню, палітычныя рэпрэсіі супраць свайго народу і усё менш справядлівасці. Беларусь ускосна ўцягнута ў расійска-украінскую вайну, супраць краіны ўведзены эканамічныя санкцыі. Растуць цэны на тавары і паслугі, камерцыялізуецца ахова здароўя і адукацыя, жыллё з’яўляецца недаступным для большасці грамадзян. 

Мы бачым калапс прававой сістэмы і вялізарную сацыяльную няроўнасць.

Краіне патрэбны перамены! Беларусь мусіць стаць свабоднай і дэмакратычнай! Улада павінна змяняцца праз свабодныя і справядлівыя выбары! Беларусь павінна асудзіць ваенную агрэсію РФ і спыніць з ёю ваенную супрацу. Выкананне гэтых умоў прывядзе да зняцця санкцый і аднаўлення палітычных, эканамічных, культурных зносін з міжнароднай дэмакратычнай супольнасцю.

Эканоміка павінна быць інтэгравана ў сусветную, а прадпрыемствы стаць сучаснымі і экалагічнымі. Свабода прадпрымальніцтва і кааперацыі, новыя тэхналогіі, IT-сфера і зялёныя вытворчасці павінны забяспечыць устойлівае развіццё краіны, а незалежныя прафсаюзы - абараняць правы і інтарэсы працоўных.

Ахова здароўя і адукацыя павінны быць якаснымі і даступнымі, а спрыяльнае навакольнае асяроддзе захавана для будучых пакаленняў.

Мы выступаем за справядлівую і салідарную Беларусь! Мы заклікаем усіх грамадзянак і грамадзян далучацца да Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада). Мы ўпэўненыя, што толькі разам можна дасягнуць лепшай будучыні.

Жыве Беларусь!

Каштоўнасці і прынцыпы

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада):

  • Бачыць Беларусь незалежнай, свабоднай, парламенцкай, дэмакратычнай, прававой і сацыяльнай дзяржавай, раўнапраўным суб’ектам міжнароднай супольнасці.
  • Выступае за пабудову салідарнага грамадства на прынцыпах свабоды, роўнасці, сацыяльнай справядлівасці і дэмакратыі.
  • Бачыць Беларусь краінай, дзе няма парушэнняў правоў і свабод грамадзян, дзе існуюць і рэальна дзейнічаюць іх гарантыі.
  • Выступае за шматукладную сацыяльна арыентаваную экалагічную рынкавую эканоміку.
  • Бачыць Беларусь з развітымі моцнымі незалежнымі прафсаюзамі, якія абараняюць правы людзей наёмнай працы, а партыя прадстаўляе іх палітычныя інтарэсы.
  • Бачыць Беларусь неад’емнай часткай еўрапейскай культурнай прасторы і Еўрапейскага Саюза.
  • Бачыць бяспеку Беларусі ў інтэграцыі і супрацы са структурамі і краінамі ЕўраАтлантычнай супольнасці.