Дзейнасць БСГ 1917–1924
Дзейнасць БСГ актывізавалася пасля Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый ў Расіі. З ініцыятывы БСГ у сакавіку 1918 г. была абвешчана Беларуская Народная Рэспубліка (БНР) як незалежная дэмакратычная дзяржава.
Увесну 1918 г. па ідэйных і палітычных прычынах БСГ раскалолася на тры часткі.
Марксісты стварылі сацыял-дэмакратычную партыю. Яе ўзначалілі браты Луцкевічы, Аркадзь Смоліч, Браніслаў Тарашкевіч. У 1919 г. быў выпрацаваны праект праграмы партыі. Тэкст гэтага дакументу пакуль не выяўлены. Да нас дайшоў папулярны выклад праграмы БСДП “Беларуская Сацыял-Дэмакратычная Партыя, яе мэты і заданьні”. Аўтарам гэтага дакументу з’яўляецца Аркадзь Смоліч.
У Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (Тамаш Грыб, Пелагея Бадунова, Язэп Мамонька, пазней у партыю ўступіў Вацлаў Ластоўскі) аб’ядналіся народнікі, а федэралісты стварылі Беларускую партыю сацыялістаў-федэралістаў (Пётр Крачэўскі, Васіль Захарка, Аляксандр Цвікевіч).
Так здарылася, што вядучыя ролі ў грамадскім жыцці Беларусі адыгрывалі сацыял-дэмакраты. Язэп Лёсік з ліпеня 1918 г. стаяў на чале Рады БНР, а фактычны лідэр БСДП А.Луцкевіч з лістапада 1918 па 28 лютага 1920 г. узначальваў кааліцыйны сацыялістычны ўрад БНР і быў міністрам змежных спраў.
У адпаведнасці з умовамі Берасцейскага міру паміж РСФСР і Нямеччынай (3 сакавіка 1918 г.) амаль уся тэрыторыя Беларусі была акупавана нямецкімі войскамі. Нямецкі ўрад не прызнаваў БНР як дзяржаву, але не першкаджаў яе кіраўніцтву займацца культурна-асветніцкай, інфармацыйнай і гаспадарчай працаю.
Урад БНР інфармаваў урады іншых дзяржаў пра волевыяўленне беларусаў, адкінуў спробы замежны палітыкаў лічыць тэрыторыю Беларусі нічыйнай, якая падлягае падзелу. Урадавая камісія, створана сацыял-дэмакратамі, вызначыла этнічныя межы Беларусі. У 1918–1920 гг. у Мінску працавалі беларускі тэатр і педагагічны інстытут, некалькі дзясяткаў беларускіх школ, гімназія і прагімназіі для дзяўчат. Рада і ўрад БНР рыхтавалі адкрыццё ўніверсітэту, іншых устаноў адукацыі і культуры, спрыялі развіццю нацыянальнай самасвядомасці насельніцтва Беларусі.
Пасля капітуляцыі Нямеччыны ў 1-ай сусветнай вайне яе войскі пакінулі Беларусь. Ва ўсходнюю частку краіны неадкладна ўвайшлі расійскія савецкія войскі. У канцы 1918 г. лідэры БНР выехалі з Мінска ў Горадзен, дзе захоўвалася нямецкая ўлада (увесну 1919 г. па патрабаванні Вялікабрытаніі і Францыі нямецкае камандаванне дазволіла ўвайсці ў заходнюю частку Беларусі Войску Польскаму).
Прэм’ер-міністр А.Луцкевіч адстойваў інтарэсы Беларусі на Мірнай канферэнцыі ў Парыжы, у перамовах з кіраўніцтвам Украінскай Народнай Рэспублікі і кіраўніком ураду Ўкраінскай Савецкай Рэспублікі Хрысціянам Ракоўскім, прэзідэнтам Чэхаславакіі Томашам Г. Масарыкам, начальнікам Польскай дзяржавы Юзафам Пілсудскім, міністрам замежных спраў Расіі (урад адмірала Аляксандра Калчака) Сяргеем Сазонавым, дзяржаўнымі дзеячамі іншых краін. Ён меў таксама асабістыя кантакты з Карлам Каўцкім.
Вялікія дзяржавы былі глухія да патрабаваннняў ураду БНР. Яны аддалі Беларусь на расправу бальшавіцкаму і польскаму імперыялізму. Кіраўнікі БНР марна пратэставалі супраць несправядлівых умоваў Рыжскага мірнага дагавору 1921 г.
І ўсё ж факт абвяшчэння БНР і актыўнай дзейнасці яе ўраду вымусіў Леніна і бальшавіцкае кіраўніцтва Расіі адмовіцца ад адкрыта русіфікатарской палітыкі царызму і абвясціць Беларускую Савецкую Сацыялістычную Рэспубліку (БССР). У яе ўрад побач з бальшавікамі ўвайшлі і былыя сябры БСГ Зміцер Жылуновіч, Язэп Дыла, Аляксандр Чарвякоў і Фабіян Шантыр. Зміцер Жылуновіч узначальваў урад рэспублікі ў 1919 г., а Аляксандр Чарвякоў быў Старшынёю Цэнтральнага Выканаўчага Камітэту БССР у 1920–1937 гг. (у 1920–1924 гг. яшчэ і Старшынёю Савета Народных Камісараў).
Такім чынам, менавіта сацыял-дэмакраты стаялі ля вытокаў сучаснай беларускай дзяржаўнасці.
Лідэры беларускай сацыял-дэмакратыі (у тым ліку і тыя, хто перайшоў на бальшавіцкія пазіцыі) амаль усе былі расстраляныя або загінулі ў сталінскіх лагерах (Зм. Жылуновіч і А. Чарвякоў скончылі самазабойствам).
