Беларуская Рэвалюцыйная Партыя. Беларуская Рэвалюцыйная Грамада

Сацыялістычны і сацыял-дэмакратычны рух на тэрыторыі Беларусі зарадзіўся на пераломе XIX–XX стагоддзяў. Тут актыўна працавалі Усеагульны яўрэйскі рабочы саюз (Бунд), Польская сацыялістычная партыя, Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя, Партыя расійскіх сацыялістаў-рэвалюцыянераў, а таксама бальшавікі і меншавікі (І з’езд Расійскай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыі адбыўся ў 1898 годзе ў Мінску). Дзейнічалі і іншыя левыя партыі (гл. табліцу 1.) Аднак ніводная з гэтых партыяў не выказвала спецыфічна беларускіх інтарэсаў.

 Першая спроба заснаваць беларускую сацыялістычную партыю мела месца ў 1902 г. Тады група студэнтаў пецярбургскіх вышэйшых школ на чале з Вацлавам Іваноўскім вырашыла стварыць Беларускую Рэвалюцыйную Партыю.

Заснаванне БРП было адной з прычын стварэння філіяльнай арганізацыі Польскай сацыялістычнай партыі – г. зв. ППС у Літве (PPS na Litwie). Гэтая арганізацыя разгарнула актыўную выдавецкую дзейнасць на беларускай мове. У канцы 1902 – пачатку 1903 г. у лонданскай друкарні ППС свет убачылі тры брашуры:

  1. “Гутарка аб тым, куды мужыцкія грошы iдуць”,
  2. “Хто праўдзівы прыяцель беднага народу”,
  3. “Як зрабіць, каб людзям стала добра на сьвеце”.

Не выключана, што тамсама была надрукаваная і чацвёртая брашура – “Чы хвацiць для ўсiх зямлі”.

Праўда, лідэры ППС неўзабаве зразумелі, што прапаганда і агітацыя на беларускай мове служыць абуджэнню нацыянальных пачуццяў беларусаў, а гэта не ўваходзіла ў інтарэсы польскіх сацыялістаў, многія з якіх самі былі сынамі і дочкамі апалячанай і польскай шляхты ў Беларусі і бачылі калі не ўсю, дык значную частку Беларусі ў складзе будучай польскай дзяржавы.

Тым часам БРП – асабліва В. Іваноўскі – не абмяжоўвалася палітычнай дзейнасцю. Менавіта стварэнне беларускай гістарыяграфіі, беларускай навуковай граматыкі, беларускай літаратуры, кнігавыдавецкай справы і было сфармулявана ў якасці перашачарговых задач у звароце партыі “Да інтэлігенцыі”, які быў напісаны ўвосень 1902 г., а ў 1903 г. апублікаваны ў часопісе польскіх сацыялістаў “Przedświt”(№ 2).

Калі быць дакладным, дык перад намі праграма хутчэй культурна-асветніцкай арганізацыі, чым партыі. Такім чынам, стварэнне першай беларускай палітычнай партыі ў постаці БРП можна лічыць толькі спробаю. Так – як да спробы партыі – ставіўся да БРП пазней і сам В. Іваноўскі.

Культурніцкая скіраванасць БРП не задавальняла іншых маладых беларускіх сацыялістаў, у першую чаргу Івана і Антона Луцкевічаў. Прыехаўшы ў 1902 г. на вучобу ў Пецярбург, яны ўзяліся стварыць партыю з палітычнымі мэтамі і задачамі. А для ажыццяўлення культурніцкіх праектаў ствараецца Круг беларускай народнай прасветы і культуры. Душою гэтай арганізацыі становіцца В. Іваноўскі. У 1903 г. ён пачынае беларускую кнігавыдавецкую дзейнасць. Круг беларускай прасветы выпускаў не адно мастацкія і навучальныя кніжкі: у канцы 1903г. была падрыхтавана, а ў красавіку 1904 г. выйшла пракламацыя “Царская гаспадарка”.

Узяўшы ў свае рукі справу арганізацыі палітычнай партыі, браты Луцкевічы пры дапамозе пецярбургскіх студэнтаў наладзілі сувязі з Вільняй. Пецярбург, Менск і Вільня становяцца ад гэтага часу цэнтрамі беларускага руху.

У канцы 1903 году ў Вільні прайшоў І з’езд партыі, якая ўзяла назву Беларуская Рэвалюцыйная Грамада. Яе лідэрамі сталі Іван ЛуцкевічАнтон Луцкевіч, Вацлаў Іваноўскі, Аляксандр Бурбіс, Алёйзія Пашкевіч (Цётка). Відную ролю ў новай палітычнай арганізацыі адыгрывалі Казімір Кастравіцкі (Карусь Каганец), Францішак Умястоўскі, Яўген Хлябцэвіч ды інш.

(Пра перадгісторыю заснавання БРГ гл. нарыс Анатоля Сідарэвіча “Народзіны Беларусі”.)

Партыя выйшла на арэну палітычнай барацьбы ў 1904 г. У студзені таго году пачалася непапулярная расійска-японская вайна і склаліся спрыяльныя ўмовы для антыўрадавай агітацыі. Беларускія рэвалюцыянеры разам з латвійскімі і літоўскімі сацыял-дэмакратамі і польскімі сацыялістамі наладзілі выпуск і распаўсюджванне лістовак.

Партыя, якая брала актыўны ўдзел у барацьбе з самадзяржаўем, была ў 1904 г. запрошана на канферэнцыю нацыянальных сацыялістычных партыяў Расіі ў Парыжы.

Правядзенне канферэнцыяў нацыянальных сацыялістычных партыяў Расійскай імперыі выклікалася неабходнасцю і ўзгадняць тактыку барацьбы і вызначаць супольную лінію ў адносінах да вялікарускіх сацыялістычных партый – РСДРП і эсэраў. Першая з іх займала выразна цэнтраліскую пазіцыю і ў сваёй праграме, прынятай у 1903 г., прызнавала толькі “абласное самакіраванне для тых мясцовасцяў, якія адрозніваюцца асобымі бытавымі ўмовамі і складам насельніцтва”. Гэтае вельмі размытае палажэннне партыйнай праграмы у кожным асобным выпадку можна было трактаваць як заўгодна. Адмаўляючы прынцып федэралізму ў дзяржаўным жыцці, расійскія эсдэкі адмаўлялі яго і ў партыйным будаўніцтве, патрабуючы, напрыклад, ад Бунду, каб той уліўся ў склад РСДРП. Эсэры, прызнаючы права народаў на аўтаномію, адмаўлялі яго для беларусаў і ўкраінцаў і, апрача таго, вялі непаслядоўную палітыку ў дачыненні да іншых народаў імперыі. І РСДРП, і ПСР чынілі перашкоды прыняццю сацыялістычных партый нацыянальных меншасцей Расіі ў Інтэрнацыянал.

 

БЕЛАРУСКАЯ САЦЫЯЛІСТЫЧНАЯ ГРАМАДА

 У партыю беларускіх рэвалюцыянераў прыйшлі людзі розных поглядаў. Іх яднала нянавісць да царызму і жаданне звергнуць гэты палітычны лад. Што ж тычылася тактыкі і стратэгіі, метадаў барацьбы, адзінства сярод парты        йцаў не было. Таму БРГ не магла выпрацаваць належнай праграмы прынцыпаў. Як прызнаваўся А. Луцкевіч, партыйная праграма, прынятая ў 1903 г., была яшчэ “нявырабленая”, “даволi туманная”.

У БРГ пераважалі дзве плыні: прыхільнікі сацыял-дэмакратыі (марксізму) і народніцтва. Народніцкім бунтарствам напачатку захапляўся і Іван Луцкевіч, пра што сведчаць яго актыўныя кантакты з расійскімі сацыялістамі-рэвалюцыянерамі. Аднак выявілася, што марксісцкае крыло партыі было мацнейшым.

Пакуль невядомыя абставіны, але дакладна ўстаноўлены факт, што да 10 лістапада 1904 г. Беларуская Рэвалюцыйная Грамада стала  называцца Беларускаю Сацыялістычнаю Грамадою. Антон Луцкевіч звязваў гэты факт з перамогаю ў партыі марксісцкай, сацыял-дэмакратычнай ідэалогіі. Аднак у яго працах перайменаванне БРГ у БСГ аднесена на канец 1905 г., калі адбыўся ІІ з’езд партыі. Між тым пракламацыі, выпушчаныя на пачатку рэвалюцыі 1905 г., падпісаныя Беларускаю Сацыялістычнаю Грамадою.