Левыя партыі, што дзейнічалі на тэрыторыі Беларусі ў канцы ХІХ — 1930-х

Гады існавання

Назва

Галоўныя звесткі

1881–1884

Беларуская фракцыя партыі “Народная Воля”

Заснавана, паводле пэўных звестак, І. Грынявіцкім; надрукавала два нумары часопісу “Гомон”ды іншыя выданні, сфармулявала палажэнні аб існаванні беларускае нацыі і патрабаванне аўтаноміі для Беларусі ў будучай Расійскай дэмакратычнай федэратыўнай рэспубліцы; прыхільна ставілася да марксізму; разгромленая паліцыяй.

1882–1886

“Пралетарыят” (1-ы, Вялікі)

Першая польская марксісцкая партыя; мела арганізацыі ў Вільні, Віцебску і Пінску; разгромленая паліцыяй.

1883–1903

“Вызваленне працы”

Першая расійская марксісцская арганізацыя; улілася ў РСДРП.

1888–1893

“Пралетарыят” (2-гі, Малы)

Уліўся ў СДКП; частка сяброў уступіла ў ППС.

1893–1918

Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага і Літвы (СДКПіЛ)

Да 1900 г. – Сацыял-дэмакратыя Каралеўства Польскага (СДКП); СДКПіЛ пасля далучэння да яе РСЛ; у снежні 1918 г. разам з ППС-лявіцаю ўтварыла Польскую камуністычную рабочую партыю.

1893–1948

Польская сацыялістычная партыя (ППС)

У снежні 1948 г. прымусова была аб’яднаная з Польскаю рабочаю партыяй (камуністамі); аднавіла дзейнасць у 1987 г.

1896–1900

Рабочы саюз Літвы (РСЛ)

Даў мандат на Лонданскі (ІІІ) кангрэс ІІ Інтэрнацыяналу П. Аксельроду, В. Засуліч і Г. Пляханаву; у студзені 1900 г. на з’ездзе ў Менску аб’яднаўся з польскімі сацыял-дэмакратамі (была заснавана СДКПіЛ), некаторыя сябры ўвайшлі ў РСДРП.

1895

Літоўская сацыял-дэмакратычная партыя (ЛСДП)

Першапачаткова – Цэнтр літоўскай сацыял-дэмакратыі.

1897–1939

Усеагульны габрэйскі рабочы саюз у Расіі і Польшчы (Бунд)

З 1901 г. Усеагульны габрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі; з 1904 г. прадстаўлены у ІІ Інтэрнацыянале; у 1921 г. прыняў пастанову пра самароспуск і пераход у склад РКП(б); працягваў дзейнасць у міжваеннай Заходняй Беларусі і Польшчы, у 1930 г. прыняты ў Сацыялістычны Рабочы Інтэрнацыянал, у 1939 г. разгромлены бальшавікамі і нацыстамі.

1898, 1903

Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (РСДРП)

У 1912 г. заснавана РСДРП (бальшавікоў), у 1917 меншавікі стварылі РСДРП (аб’яднаную). Група Г. Пляханава засталася па-за партыямі.

1899–1902

Рабочая партыя палітычнага вызвалення Расіі (РППВР)

Створана на аснове народніцкіх групаў; разгромленая паліцыяй; многія сябры партыі перайшлі ў ПС-Р.

1901–1903

Габрэйская незалежная рабочая партыя (ГНРП)

Стварэнне партыі інспіравана шэфам маскоўскага ахраннага аддзялення Зубатавым.

1901/1902–1923

Партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (ПС-Р)

Створана на аснове народніцкіх гурткоў і рэштак РППВР; у 1904 г. з партыі выйшлі максімалісты, у 1917 г. – левыя эсэры; у 1918 г. і пазней частка сяброў ПС-Р перайшла ў БПС-Р; у СССР партыя самараспусцілася ў 1923 г.; за мяжою існавалі асобныя групы.

1902–1903

Беларуская рэвалюцыйная партыя (БРП)

Праграмы не мела; у 1903 заснавана Беларуская Рэвалюцыйная Грамада (БРГ).

1902–1906

ППС у Літве

Філія ППС; аб’ядналася з ЛСДП.

1903–1918

Беларуская Рэвалюцыйная Грамада (БРГ);

Беларуская Сацыялістычная Грамада (БСГ)

Заснавана ў канцы 1903 г. на з’ездзе ў Вільні; з канца 1904 г. – БСГ; у 1917–1918 гг. распалася на БСДРП, БСДП, БПС-Р і БПС-Ф.

1904–1920

Саюз сацыялістаў-рэвалюцыянераў максімалістаў (максімалісты)

Плынь у ПС-Р, арганізацыйна аформілася ў 1906 г.; у 1917 Саюз супрацоўнічаў з левымі эсэрамі і бальшавікамі; пасля заключэння Берасцейскага міру большасць перайшла ў апазіцыю да РКП(б); Саюз самараспусціўся, некаторыя яго сябры ўступілі ў РКП(б).

1904–1905

Сацыялістычная партыя Белай Русі

Дзейнічала пад эгідаю ППС; самараспусцілася.

1904–1917

Сіянісцка-сацыялістычая партыя (ССП)

У 1917 г. з СГРП стварыла Аб’яднаную габрэйскую сацыялістычную рабочую партыю.

1905–1917

Сацыялістычная габрэйская рабочая партыя (СГРП)

Сябар ІІ Інтэрнацыяналу; у 1917 г. з ССП стварыла Аб’яднаную габрэйскую сацыялістычную рабочую партыю.

1906–1928

Габрэйская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (ГСДРП)

З 1907 г. сябар Сусветнага габрэйскага сацыялістычнага рабочага саюзу Паалей Цыён (Рабочыя Сіёну); з 1923 – Габрэйская камуністычная рабочая партыя; забароненая бальшавікамі.

1912–1991

Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (бальшавікоў), РСДРП(б)

Створана на аснове бальшавіцкай фракцыі РСДРП; з 1918 г. Расійская камуністычная партыя (бальшавікоў), РКП(б); з 1924 г. Усесаюзная камуністычная партыя (бальшавікоў), Усе КП(б); з 1952 г. Камуністычная партыя Савецкага Саюза (КПСС).

1917–1920

Аб’яднаная габрэйская сацыялістычная рабочая партыя (АГСРП)

Створана на аснове ССП і СГРП; злілася з Бундам.

1917–1921

Расійская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (аб’яднаная)

Заснавана ў жніўні 1917 г. на аснове фракцыяў меншавікоў-абаронцаў і меншавікоў-інтэрнацыяналістаў; забароненая бальшавікамі; была прадстаўлена ў Сацыялістычным Рабочым Інтэрнацыянале эмігрантамі.

1917–1918

Беларуская сацыял-дэмакратычная рабочая партыя (БСДРП)

Заснавана ўвосень 1917 г. на аснове Нарвенскае арганізацыі БСГ; у красавіку 1918 г. пераўтворана ў беларускую секцыю пры Пецяргофскім райкаме РКП(б), якая стала правобразам іншых беларускіх секцыяў.

1917–1923

Левыя сацыялісты-рэвалюцынеры (ЛС-Р)

З 1914 г. інтэрнацыяналісцкая плынь у ПС-Р, з лета 1917 – фракцыя, са снежня 1917 – партыя; да заключэння Берасцейскага міру ўваходзілі ў савецкіўрад Расіі, у ліпені 1918 г. перайшлі ў апазіцыю да РКП(б); партыя самаліквідавалася.

1918–1919

Беларускія секцыі РКП(б)

Створаныя ў 1918 г. як складовыя часткі мясцовых арганізацыяў РКП(б) у Расіі; на канферэнцыі ў снежні 1918 г. абралі Цэнтральнае Бюро, стаялі ля вытокаў КП(б)Б і БССР.

1918–1924

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (БСДП)

Створана на аснове марксісцкага крыла БСГ; у БССР спыніла існаванне ў 1921 г.; у Заходняй Беларусі распалася у сувязі з пераходам відных дзеячаў у БНПС і КПЗБ.

1918–1924 

Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р)

Створана на аснове народніцкага крыла БСГ; у 1920 г. частка сябраў БПС-Р перайшла ў БКА; у БССР пад ціскам бальшавікоў самараспусцілася, частка сяброў уступіла ў КП(б)Б; за мяжою СССР існавалі паасобныя групы; левыя эсэры Заходняе Беларусі былі аб’яднаныя ў БРА.

1918–1921

Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф)

Створана на аснове груповак федэралістаў ў БСГ і па-за ёю; у БССР спыніла існаванне пад ціскам бальшавікоў; за межамі СССР асобныя групы існавалі да сярэдзіны 1920-х гг.

1918–1938

Камуністычная партыя Польшчы (КПП)

Створана на аснове СДКПіЛ і ППС-лявіцы; да лютага 1925 – Камуністычная рабочая партыя Польшчы (КРПП); у склад партыі ўваходзілі КПЗБ і Кампартыя Заходняе Украіны; распушчаная Камінтэрнам. 

1918–1991

Камуністычная партыя бальшавікоў Беларусі (КП(б)Б)

Заснаваная ў канцы 1918 г. па пастанове ЦК РКП(б) на аснове абласной арганізацыі ў Заходняй Камуне і беларускіх секцыяў РКП(б); у 1920 у партыю ўвайшла БКА, у 1921 г. – сябры Бунду, у 1924 г. – БПС-Р. З 1952 г. называлася КПБ. Складовая частка РКП(б), УсеКП(б) і КПСС. Уваходзіла ў КП(б)ЛіБ.

1919–1920

Камуністычная партыя (бальшавікоў) Літвы і Беларусі (КП(б)ЛіБ)

Заснавана на падставе рашэння ЦК РКП(б) шляхам зліцця КП(б)Б і КП(б)Л; перастала існаваць у лiстападзе 1920 г.

1920

Беларуская камуністычная арганізацыя (БКА)

Створана на аснове арганізацыі “Маладая Беларусь”, што з 1917 г. дзейнічала пры Менскім настаўніцкім інстытуце, а 1918 г. была аўтаномнаю часткаю БПС-Р; 1 студзеня 1920 г. аформілася як самастойная партыя, у жніўні ўвайшла ў КП(б)Б.

1922–1923

Беларуская рэвалюцыйная арганізацыя (БРА)

Створана на аснове левага крыла БПС-Р у Заходняй Беларусі; у канцы 1923 г. увайшла ў КПЗБ.

1922–1925

Беларуская партыя незалежных сацыялістаў (БПНС)

Заснавана ў Заходняй Беларусі як левае крыло БСДП; у 1925 г. яе відныя дзеячы перайшлі ў КПЗБ.

1923–1938

Камуністычная партыя Заходняй Беларусі

Заснавана ў кастрычніку 1923 г. як складовая частка КРПП; уплывоваю партыяй стала дзякуючы пераходу ў яе шэрагі БРА і былых сяброў БСДП; распушчаная Камінтэрнам.