Закон Рэспублікі Беларусь “Аб разглядзе крымінальных спраў з удзелам прысяжных засядацеляў”

Праблемы на рашэнне якіх накіраваная рэформа
Сусветны досвед сведчыць, што суд з удзелам прысяжных засядацеляў — найбольш справядлівая і дэмакратычная форма ажыццяўлення правасуддзя ў тых выпадках, калі абвінавачаны не пагаджаецца з прад’яўленым абвінавачаннем і яму пагражае суровае пакаранне. Гэты суд гарантуе аб’ектыўнае і справядлівае вырашэнне пытання аб вінаватасці абвінавачаных.
Вынікам увядзення суда прысяжных можа стаць пераўтварэнне не толькі самога суда, але і сістэмы органаў следства, пракуратуры, устаноў юстыцыі. Правядзенне працэсаў з удзелам прысяжных засядацеляў стане стымулам для якаснай падрыхтоўкі матэрыялаў крымінальнай справы.
Відавочна, што мадэль суда з удзелам прысяжных засядацеляў з’яўляецца больш эфектыўнай, чым мадэль суда з удзелам народных засядацеляў.
Па-першае, прысяжныя засядацелі выступаюць у якасці самастойнай калегіі, а народныя засядацелі — гэта толькі прыдаткі да пасады суддзі, якія не маюць сваёй думкі.
Па-другое, прысяжныя засядацелі даюць ацэнку абставінам справы, а народныя засядацелі спадзяюцца ва ўсім на прафесійнага суддзю.
Па-трэцяе, прысяжныя засядацелі самастойна прымаюць рашэнні па галоўных пытаннях крымінальнай справы і нясуць за гэта адказнасць, а народныя засядацелі нічога не вырашаюць і не нясуць адказнасці за прынятае судом рашэнне.
Такім чынам, суд з удзелам прысяжных засядацеляў быў і застаецца ўнікальнай формай народнага прадстаўніцтва пры ажыццяўленні правасуддзя.
Пры арганізацыі суда з удзелам прысяжных засядацеляў неабходна адказаць на наступныя пытанні:
1) Хто будзе мець права на суд з удзелам прысяжных засядацеляў?
2) Які аптымальны склад калегіі прысяжных засядацеляў?
3) Хто будзе выступаць у якасці прысяжных засядацеляў?
4) Хто будзе фармаваць спісы кандыдатаў у прысяжныя засядацелі?
5) Як грамадзяне будуць запрашацца да ўдзелу ў разглядзе справы?
6) Як будзе праходзіць нарада прысяжных засядацеляў і на якія пытанні яны павінны адказаць?
7) Якія гарантыі даюцца прысяжным засядацелям?
З улікам дарагавізны і складанасці арганізацыі такога суда права на суд прысяжных варта надаць толькі тым асобам, якія абвінавачваюцца ў здзяйсненні цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынстваў і не пагаджаюцца з прад’яўленым абвінавачаннем.
У праекце закона колькасны склад калегіі прысяжных засядацеляў дыферэнцыюецца ў залежнасці ад катэгорый крымінальных спраў: па справах аб цяжкіх злачынствах — 7 чалавек, а па справах аб асабліва цяжкіх злачынствах — 9 чалавек. Пры вялікім аб’ёме матэрыялаў крымінальнай справы або вялікай колькасці абвінавачаных у разглядзе справы могуць удзельнічаць некалькі запасных засядацеляў.
За аснову спіса кандыдатаў у прысяжныя ўзятыя спісы выбаршчыкаў паводле адпаведных адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак, на тэрыторыі якіх дзейнічае акруговы суд. З гэтага спіса адбіраецца патрэбная колькасць грамадзян, якія дасягнулі 25 гадоў і не маюць абмежаванняў на ўдзел у ажыццяўленні правасуддзя.
Пасля запрашэння грамадзяніна ў якасці прысяжнага засядацеля ён мае права хадайнічаць перад судом аб вызваленні яго ад удзелу ў дадзеным працэсе. Ён можа таксама прасіць суд “перасунуць” яго чаргу на больш позні тэрмін.
У мэтах недапушчэння адвольных адмоў ад удзелу ў якасці прысяжнага засядацеля можа быць усталяваная адміністрацыйная адказнасць.
У выпадку прызначэння крымінальнай справы да разгляду з удзелам прысяжных засядацеляў суддзя, прызначаны старшынёй па справе, арганізуе запрашэнне не менш 15 кандыдатаў у прысяжныя засядацелі. Названым асобам накіроўваюцца позвы аб выкліку ў суд для азнаямленчай гутаркі.
Грамадзяне, якія атрымалі позву, абавязаныя з’явіцца па выкліку. Суддзя тлумачыць гэтым асобам іх ролю ў якасці прысяжных засядацеляў і адказвае на пытанні, у тым ліку звязаныя з прычынамі, якія абцяжарваюць або выключаюць яўку на судовы працэс.
Асобы, запрошаныя да выканання абавязкаў прысяжных засядацеляў і не адведзеныя ў ходзе заяўленых хадайніцтваў, прыводзяцца да прысягі старшынёй судовага пасяджэння.
Пасля слова суддзі прысяжныя засядацелі выдаляюцца ў дарадчы пакой для вынясення вердыкту. Шляхам рэйтынгавага галасавання яны абіраюць старшыню. Прысяжным прапаноўваецца адказаць на наступныя пытанні: 1) ці меў месца ўчынак, у здзяйсненні якога абвінавачваецца пэўная асоба; 2) ці датычны абвінавачаны да ўчынку, які яму інкрымінуецца; 3) ці вінаваты абвінавачаны ў здзяйсненні злачынства.
Кожны з прысяжных выказваецца “за” або “супраць” і засвядчае сваё рашэнне подпісам. Агульнае рашэнне вызначаецца праз большасць галасоў.
Атрыманыя вынікі (вердыкт) абвяшчаюцца старшынёй калегіі прысяжных. Пры апраўдальным вердыкце суддзя абавязаны пастанавіць апраўдальны прысуд. Пры абвінаваўчым вердыкце суддзя выдаляецца ў дарадчы пакой для пастанаўлення прысуду і вызначэння меры пакарання.
На прысяжных засядацеляў распаўсюджваюцца гарантыі незалежнасці і недатыкальнасці суддзяў. Пры наяўнасці спроб якіх-небудзь асоб уздзейнічаць на прысяжнага засядацеля з мэтай схілення яго да пажаданага галасавання ён павінен паведаміць пра гэта старшыні судовага пасяджэння.
У мэтах забеспячэння бяспекі прысяжных засядацеляў ім можа быць дадзена ахова, а таксама знаходжанне па-за рамкамі судовага пасяджэння ў бяспечным месцы. Меры бяспекі могуць захоўвацца і пасля заканчэння судовага працэсу.
Прысяжным засядацелям на перыяд ажыццяўлення абавязкаў гарантуецца захаванне месца працы і сярэдняга заробку. Звальненне працаўніка з прычыны яго адсутнасці на працы не дапускаецца.
За выкананне абавязкаў прысяжнага засядацеля грамадзянін атрымоўвае адпаведныя выплаты з рэспубліканскага бюджэту прапарцыйна колькасці дзён удзелу ў судовым разбіральніцтве.
Увядзенне суда з удзелам прысяжных засядацеляў прывядзе да дадатковых выдаткаў на ажыццяўленне правасуддзя. У сувязі з гэтым давядзецца сфармаваць пазабюджэтны дзяржаўны фонд для выплаты сум прысяжным засядацелям.
