Дата публікацыі: 8/23/2016

"Аб беларускамоўным школьніцтве"

Заява Прэзідыума Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) Аб беларускамоўным школьніцтве Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) заклікае Міністэрства адукацыі, Урад Рэспублікі Беларусь, а таксама будучых дэпутатаў Палаты...
Для Навін

Заява Прэзідыума

Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады)

Аб беларускамоўным школьніцтве

Прэзідыум Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) заклікае Міністэрства адукацыі, Урад Рэспублікі Беларусь, а таксама будучых дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў да падтрымкі адукацыі на беларускай мове.

Мы становімся сведкамі таго, як з кожным годам скарачаецца колькасць школ, у якіх адбываецца вывучэнне прадметаў на беларускай мове. Школы і гімназіі, якія маюць беларускамоўную форму адукацыі ў буйных гарадах можна пералічыць па пальцах.

Колькасць гадзінаў выкладання беларускай мовы для вучняў з’яўляецца непрымальна нізкай. У выніку большасць выпускнікоў сярэдніх школ не ў стане свабодна размаўляць на роднай мове. 

Следствам гэтага, з года ў год становіцца скарачэнне колькасці грамадзян, якія вызнаюць беларускую мову за сваю родную. Беларускае слова трымаецца выключна на рупліўцах беларушчыны, незалежных СМІ, грамадскіх арганізацыях і дэмакратычных палітычных партыях.

Для адкрыцця новых беларускамоўных класаў патрабуюцца неверагодныя высілкі, якія ў бальшыні выпадкаў не маюць станоўчага выніку, не набіраецца патрэбная колькасць вучняў для камплектацыі класа, у школы няма базы для беларускамоўнай адукацыі, бальшыня бацькоў выступае за рускамоўную адукацыю сваіх дзетак з-за таго, што ў беларускамоўнай адукацыі няма перспектывы.

Прэзідыум БСДП прапануе негвалтоўны выхад са склаўшайся сітуацыі – кожная новая пабудаваная школа ў краіне мусіць стаць беларускамоўнай. У Беларусі мусіць з’явіцца нацыянальны ўніверсітэт з выкладаннем прадметаў на беларускай мове. У патрабаванні да працы на любой дзяржаўнай пасадзе, а таксама для працы ў школе і ўніверсітэце адным з абавязковых патрабаванняў мусіць стаць свабоднае валоданне беларускай мовай.

Толькі такімі дзеяннямі мы здолеем захаваць нашу родную мову, на якой стагоддзямі размаўлялі нашы продкі, наш нацыянальны скарб, які робіць нас адметнымі, які робіць нас беларусамі. 

Далучайцеся да нас у сацыяльных сетках!