Аб прыняцці Закона “Аб фінансіраванні палітычных партый”

РЭЗАЛЮЦЫЯ
Цэнтральнага камітэта БСДП
Аб прыняцці Закона “Аб фінансіраванні палітычных партый”
Цэнтральны камітэт Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады) канстатуе, што адсутнасць дзяржаўнай падтрымкі на дзейнасць палітычных партый Беларусі (у тым ліку апазіцыйных) не спрыяе развіццю і выражэнню палітычнай думкі беларускіх грамадзян.
Адсутнасць дзяржападтрымкі палітычных партый зніжае іх ролю і актыўнасць у грамадска-палітычным жыцці краіны і не дазваляе больш яскрава прадстаўляць інтарэсы беларусаў.
Беларусь з’яўляецца для ўсіх нас агульным домам і грамадзяне, якія жывуць у нашай краіне, плацяць падаткі. За кошт падаткаў фарміруецца бюджэт нашай краіны, утрымліваюцца дзяржаўныя органы ўлады, войска, міліцыя, установы адукацыі і аховы здароўя. Як падаткаплацельшчыкі беларусы маюць права і на прадстаўніцтва сваіх інтарэсаў палітычнымі партыямі, якія яны падтрымліваюць.
Адсутнасць дзяржаўнага фінансіравання існуючых палітычных партый робіць іх маргінальнымі і фактычна выключанымі з удзелу у грамадска-палітычным жыцці краіны. Партыі ў рэдкім выпадку могуць дазволіць сабе магчымасці мець партыйныя офісы, апарат партыі, працаваць з выбаршчыкамі і больш актыўна ўдзельнічаць у выбарчым працэсе. Сяброўскія складкі сябраў партыі не з’яўляюцца дастатковымі для вядзення актыўнай палітычнай дзейнасці, а камерцыйна-гаспадарчая дзейнасць партый у існуючых умовах фактычна не дапускаецца.
ЦК БСДП заклікаем дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў разгледзець пытанне фінансіравання палітычных партый напярэдадні выбараў у Палату прадстаўнікоў 2016 года, а таксама ўнесці змены ў арт.24 “Абмежаванні ў фінансіраванні палітычных партый, саюзаў” Закона “Аб палітычных партыях”, які накладае абмежаванні на фінансіраванне палітычных партый з рэспубліканскага і мясцовага бюджэтаў.
Мы прапануем улічыць міжнародны вопыт і правапрымяняльную практыку ў прапрацоўцы гэтага пытання і заканадаўча замацаваць неабходнасць фінансавай падтрымкі зарэгістраваных палітычных партый незалежна ад іх удзелу ў выбарчых кампаніях. ЦК БСДП таксама прапануе вывесці прапорцыю фінансіравання палітычных партый у выпадку праходжання іх прадстаўнікоў у Палату прадстаўнікоў і мясцовыя Саветы дэпутатаў з улікам колькасці грамадзян, якія пражываюць на тэрыторыі выбарчага ўчастка, дзе перамогу атрымаў прадстаўнік той ці іншай палітычнай сілы.
Мы лічым, што прыняцце закона “Аб фінансіраванні палітычных партый” істотна паўплывае на развіццё і станаўленне дэмакратыі ў краіне, актывізуе палітычныя працэсы ў публічнай прасторы, а таксама істотна палепшыць вобраз Беларусі на міжнароднай арэне.
Закон “Аб фінансіраванні палітычных партый” знізіць сацыяльную напружанасць у грамадстве, якая адчуваецца праз пастаяннае ўвядзенне новых падаткаў і збораў, узвышэнне тарыфаў на ЖКГ і падзення ўзроўня заробкаў, зніжэнне сацыяльных стандартаў і сацыяльнай дапамогі грамадзянам. Дадзены закон паракладзе частку адказнасці за агульную сітуацыю ў краіне на палітычныя арганізацыі Беларусі, якія ў новых умовах не будуць думаць, як выжыць, а будуць вырашаць пытанні па выхаду краіны з крызісу разам.
БСДП гатова аказаць экспертную дапамогу ў выпрацоўцы дадзенага закона.
6 сакавіка 2016г., г.Мінск
