Дата публікацыі: 12/21/2014

Аб сацыяльна-эканамічным становішчы

Заява Цэнтральнага Камітэта БСДП Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) выказвае крайнюю заклапочанасць у сувязі з пачаткам чарговага перыяду зніжэння ўзроўню жыцця насельніцтва. Падобныя тэндэнцыі ў эканоміцы, якія прыводзілі да пагаршэння...
Для Навін

Заява Цэнтральнага Камітэта БСДП

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) выказвае крайнюю заклапочанасць у сувязі з пачаткам чарговага перыяду зніжэння ўзроўню жыцця насельніцтва.

Падобныя тэндэнцыі ў эканоміцы, якія прыводзілі да пагаршэння якасці жыцця грамадзян нашай краіны, назіраліся ў 2008-2009 і 2011 гадах. Улада чарговы раз не зрабіла ніякіх высноў з крызісаў нядаўніх гадоў.

Прынятая Нацыянальным банкам пастанова аб увядзенні 30-працэнтнага збору пры куплі валюты не вырашае сітуацыю ў цэлым, а, наадварот, зацягвае працэс стагнацыі ў эканоміцы і сацыяльнай сферы. Найбольш уразлівым ў дадзеным рашэнні з'яўляецца просты грамадзянін Беларусі.

На наш погляд, прадпрынятая мера толькі пагоршыць сітуацыю як у рэальным сектары эканоміцы, так і ў сацыяльна-грамадскіх адносінах паміж грамадзянамі і дзяржавай.

Як паказвае практыка, падобныя меры прыводзяць да фарміравання ценявой эканомікі, а значыць да памяншэння падатковых выплат і, як наступства, да скарачэння паступленняў у бюджэт. Акрамя таго, рашэнне Нацыянальнага банка правакуе як фізічных, так і юрыдычных асоб на ажыццяўленне незаконных дзеянняў па валютных аперацыях. 

Мы, сацыял-дэмакраты, лічым, што гэта рашэнне ўшчамляе законныя правы і інтарэсы грамадзян нашай краіны. Ніякія адміністрацыйныя і сілавыя меры ў дадзеным выпадку не прывядуць да паляпшэння сітуацыі на фінансавым рынку.

Для кантрольных органаў зноў крайнім апынецца просты грамадзянін нашай краіны, які ў сілу эканоміі сродкаў і невысокага ўзроўню даходу будзе пакараны за дзеянні, якія яшчэ ўчора былі легальнымі. На наш погляд, гэта несправядліва і амаральна.

Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада) – партыя справядлівасці і раўнапраўя, партыя будучыні, партыя большасці грамадзян, якія хочуць пераменаў.

Мы заклікаем Урад прыступіць да сістэмных рэформаў у палітычнай, эканамічнай і сацыяльнай сферах, накіраваных на абарону законных правоў і інтарэсаў грамадзян нашай краіны, забеспячэнне ўстойлівага развіцця, умацаванне дзяржаўнага суверэнітэту і незалежнасці Беларусі.

Далучайцеся да Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамады)! За лепшую Беларусь!

21 снежня 2014 г.

г. Мінск.

Далучайцеся да нас у сацыяльных сетках!